Падарожнічаюць бібліятэкары

У рамках творча-інавацыйнага праекта “Пашыраем прафесійныя гарызонты” бібліятэкары Дзяржаўнай установы культуры “Цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма Браслаўскага раёна” штогод арганізуюць экскурсіі па знакамітых мясцінах раёна, вобласці, рэспублікі. Чарговае падарожжа адбылося 20 чэрвеня. Бібліятэкары наведалі мастацка-этнаграфічны музей імя Я. Драздовіча ў аграгарадку Германавічы Шаркаўшчынскага раёна, здзейснілі падарожжа “Сцяжынкамі Язэпа Драздовіча” па мясцінах, звязаных з біяграфіяй знакамітага мастака, пабывалі на экскурсіі ў аграгарадку Лужкі, наведалі мясцовую бібліятэку. Падчас экскурсіі браслаўскія бібліятэкары атрымалі шмат цікавай і карыснай інфармацыі аб каларытнай асобе Драздовіча, яго захапленні космасам, настаўніцкай працы, вынаходніцкай дзейнасці. Затым удзельнікі экскурсіі наведалі яшчэ адзін цікавы музей у Германавічах – недзяржаўны літаратурна-мастацкі музей імя М. Райчонка. Аб экспанатах музея расказала яго стваральнік, знакаміты краязнаўца Шаркаўшчынскага краю, неардынарная асоба Ада Райчонак. У музеі прадстаўлены карціны беларускіх мастакоў, кнігі беларускіх аўтараў з аўтографамі, этнаграфічныя рэчы, якія А.Э.Райчонак збірала на працягу ўсяго жыцця.

         Затым бібліятэкары здзейснілі прафесійны візіт у Шаркаўшчынскую раённую бібліятэку з мэтай перадачы калегам эстафеты “75 добрых спраў”, якая праходзіць у публічных бібліятэках Браслаўскага раёна да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Бібліятэкары таксама абмеркавалі прафесійныя пытанні, абмяняліся друкаванай прадукцыяй.

         Такое сумяшчэнне пазнавальных і прафесійных мэтаў падчас паездкі дазволіла яе ўдзельнікам набыць новыя веды, пашырыць кругагляд, атрымаць станоўчыя эмоцыі. Фінансавую падтрымку ў арганізацыі экскурсіі аказаў прафсаюзны камітэт бібліятэчнай сістэмы, транспарт прадаставіў аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.

Добавить комментарий