Мова — скарб народа

Мова – наша спадчына, якую мы атрымліваем ад бацькоў і павінны перадаць наступным пакаленням. Хто хоць раз пачуў беларускую мову, не забудзе яе мілагучнасці, плаўнасці і напеўнасці, сціплай прыгажосці і самабытнасці.

21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца дзень роднай мовы, мэтай якога з’яўляецца абарона моўнай і культурнай разнастайнасці. Зразумела, у кожнага народа свая родная мова, а для нашага народа родная мова – беларуская. Менавіта гэтаму святу быў прысвечаны Тыдзень нацыянальнай культуры ў Слабодкаўскай бібліятэцы. Мерапрыемствы, якія прайшлі ў яго рамках, праводзіліся з мэтай папулярызацыі беларускай мовы і выхавання павагі да гісторыі і спадчыны свайго народа.  Дэвізам Тыдня сталі словы “Мова родная – мова модная!”.

Да Тыдня была аформлена выстава-ушанаванне “Мова — скарб народа”. Прайшоў вечар роднай мовы “Музей бабуліных слоў”. Падчас мерапрыемства дзеці пазнаёміліся з гісторыяй і культурай роднай мовы, дазналіся, што родная мова — генетычны код любой нацыі, які патрэбна любіць, шанаваць і берагчы. Адчуць прыгажосць і хараство роднай мовы прысутным дапамагло чытанне вершаў класікаў беларускай літаратуры (Я.Купалы, Я.Коласа, М.Танка і інш.), а таксама прагляд відэаматэрыялаў “Музей бабуліных слоў”, “Мова пачынаецца з цябе”. Напрыканцы сустрэчы ўдзельнікам свята было дадзена “10 парад, як пачаць размаўляць па-беларуску”, бо трэба размаўляць на роднай мове, каб яна не адыйшла ў нябыт і ў забыццё.

На працягу Тыдня праходзіў конкурс “Адгадай пісьменніка па партрэце — атрымай бібліятэчны бонус”. Удзельнікі конкурса атрымлівалі бібліятэчныя бонусы, калі без памылкі пазнавалі беларускіх пісьменнікаў, або паэтаў па фотаздымку. Той, хто за тыдзень назбіраў больш за ўсіх бонусаў, атрымаў сертыфікат на бясплатнае карыстанне камерцыйным фондам на працягу шасці месяцаў.

На працягу Тыдня праводзілася Бяспройгрышная латарэя ”Роднай мове прысвячаецца”. Для таго каб у ёй паўдзельнічаць, трэба было ўзяцькнігу на беларускай мове. Той хто гэта рабіў, атрымліваў магчымасць выцягнуць з “чароўнай скарбонкі” білет з назвай прыза. У якасці прызоў былі прапанаваны закладкі-шпаргалкі па беларускай мове, фотаздымкі мясцовых краявідаў і салодкія прызы.

У рамках галерэі мерапрыемстваў “Беларускія зоркі сусветнай культуры” (якая праводзіцца на працягу года), прайшоў Дзень пісьменніка, які быў прысвечаны А.Куляшову. На мерапыемства былі запрошаны ўдзельнікі Клуба цікавых сустрэч. Для  іх была падрыхтавана слайд-гутарка “Аркадзь Куляшоў – чалавек і творчая індывідуальнасць”.

Падводзячы вынікі Тыдня хочацца адзначыць, што атрымалася сапраўднае свята беларускага слова, якое натхняе, ад якога адчуваеш цяпло роднай зямлі, роднай хаты.

Добавить комментарий