Максімава зорка гарыць над Беларуссю

9 снежня споўнілася 130 гадоў з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры  Максіма Багдановіча. У Дзіцячай бібліятэцы з гэтай нагоды разгорнута кніжна-ілюстрацыйная выстава “Максімава зорка гарыць над Беларуссю”. На ёй багата прадстаўлены як зборнікі вершаў паэта, так і матэрыялы аб ім. Так, у персанальнай энцыклапедыі змешчаны артыкулы, прысвечаныя лірычным творам паэта, перакладам, крытыцы, публіцыстыцы, паасобным жанрам, вобразам, артыкулы пра яго эстэтычныя погляды, сувязі з фальклорам і літаратурамі замежных краін, пра ўвасабленне багдановічаўскай тэмы ў выяўленчым мастацтве, музыцы, тэатры, кіно. Упрыгожаннем выставы стала кніга з серыі “ЖЗЛБ”. У яе ўвайшлі ўспаміны і артыкулы  пра генія беларускай зямлі. Вершы- прысвячэнні вядомых пісьменнікаў сплятаюць вянок гонару і пашаны Максіму Багдановічу. Спадзяемся, выклікае зацікаўленасць наведвальнікаў факсімільнае выданне зборніка “Вянок”, кніга А. Марціновіча “Свяці, зорка, свяці” –  мастацкая біяграфія паэта, нарысы і эсэ Ул. Конана, Г. Каханоўскага, Л. Зубарава і інш. Акрамя кніг,  можна пазнаёміцца з фотаматэрыяламі: “Геаграфічная карта жыцця паэта” і “Хто былі тыя жанчыны, якім Максім Багдановіч прысвячаў сваю лірыку кахання”.  У першым раздзеле  можна ўбачыць фотаздымкі  багдановічаўскіх мясцін у Мінску, Гродне, Ніжнім Ноўгарадзе, Яраслаўлі, Ракуцёўшчыне, Ялце. У другім раздзеле расказваецца, як складваліся адносіны паэта  з яго музамі.

Добавить комментарий