Інавацыі ў бібліятэцы: патрабаванне часу

У рамках бесперапыннай вучобы кадраў у Дзяржаўнай установе культуры “Цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма Браслаўскага раёна” 23 красавіка 2019 года прайшоў семінар з элементамі майстар-класа “Інавацыі ў бібліятэцы: ад ідэі да ўвасаблення”. Падчас работы Інфармацыйна-інтэлектуальнай пляцоўкі вопытам укаранення інавацыйных падыходаў у практыку сваёй работы падзяліліся бібліятэкары Друеўскай бібліятэкі Маслякова Г.В., Слабодкаўскай – Васілеўская М.І., Ахрэмаўскай – Камісарава Н.Г. З дапамогай мультымедыйных прэзентацый яны закранулі пытанні прымянення мастацкіх рашэнняў у выставачнай дзейнасці бібліятэкі, выкарыстання інавацыйных форм правядзення сацыякультурных мерапрыемстваў, ажыццяўлення сацыяльнага партнёрства сваіх устаноў.

         Спецыялісты аддзела бібліятэчнага маркетынгу падрыхтавалі для ўдзельнікаў семінара кансультацыю “Бібліятэчная інавацыя як вынік творчага працэсу”, шэраг друкаваных метадычных матэрыялаў з пералікам інавацыйных форм работы.

         Падчас работы Творчай майстэрні бібліятэкарам былі прапанаваны майстар-класы па асновах стварэння электроннай прэзентацыі і вырабу дэкаратыўных элементаў у тэхніцы папяровай      пластыкі для афармлення выстаў да 75-годдзя вызвалення Беларусі.

         Актыўна працаваў на семінары Стол інавацый. На ім быў прадстаўлены шэраг інавацыйных напрацовак бібліятэк-філіялаў. Актыўна каменціравалі свае прафесійныя інавацыі бібліятэкары Відзаўскай гарпасялковай, Іказненскай, Пагашчанскай бібліятэк.

         Падводзячы вынікі семінара, дырэктар бібліятэчнай сістэмы Вольга Ляснеўская станоўча адзначыла актыўнасць удзельнікаў семінара, падкрэсліла неабходнасць далейшага ўкаранення творчых інавацыйных падыходаў у бібліятэчную справу.

Добавить комментарий