Гісторыя вёскі Пагошча і яе ваколіц

3 кастрычніка ў Пагашчанскай бібліятэцы адбылася прэзентацыя краязнаўчых работ вучняў і настаўнікаў былой Кансталінскай базавай школы.  Матэрыялы па гісторыі вёскі Пагошча і яе ваколіц, сабраныя вучнямі пад кіраўніцтвам настаўніка гісторыі Бунта В. Е. істотна дапоўнілі краязнаўчы “банк дадзеных” бібліятэкі.

Так работа “Каменныя сякеры як крыніца ведаў аб гістарычным мінулым ваколіц вёскі Пагошча” дае навуковае апісанне 6 каменных сякер, знойдзеных вучнямі ў нашай мясцовасці. Іх знаходкі сведчаць аб тым, што на тэрыторыі вёскі Пагошча першыя людзі з’явіліся не пазней чым тры тысячы год назад.

Навукова-даследчы праект “У пошуках сівой даўніны” расказвае аб тым, як вучні школы разам з настаўнікам знайшлі курганны магільнік каля возера Бяржонка, да таго часу невядомы спецыялістам, а таксама аб супрацоўніцтве з кандыдатам гістарычных навук М. А. Плавінскім у час археалагічных раскопак гэтага старажытнага магільніка, арганізаваных па ініціятыве педагогагаў і адміністрацыі Кансталінскай БШ.

Асобны раздзел прысвечаны старажытным легендам і паданням, сабраным вучнямі пры апытанні жыхароў вёсак Пагошча, Рымашы, Пузавічы і Дамашы.

Аб рэштках сядзібы Агінскіх, якая калісьці знаходзілася на беразе возера Пагошча, можна даведацца з апошняга даследчага праекта “У цені дрэў старога парку“.

 Падзеям Вялікай Айчыннай вайны прысвечаны работы:

 “За што? Загадка трагэдыі вёскі Лабэцкія”, “Не дай Бог вам…”, “Остарбайтэры – жыхары ваколіц вёскі Пагошча.”

У час мерапрыемства ўдзельнікам дэманстраваўся дакументальны фільм доктара гістарычных навук Аляксандра Краўцэвіча “Таямніцы Пагошчы – вёскі з 1000-гадовай гісторыяй”.

А напрыканцы прысутным была прапанавана крыжаванка “Пагошча”, якая дазваляла ўзнавіць веды, набытыя  на мерапрыемстве. https://vk.com/braslavcbs

Добавить комментарий