Зорным дажджом падарункаў пачалася ў Пагашчанскай бібліятэцы акцыя “Ад добрага сэрца – добрая кніга”, прымеркаваная да Міжнароднага Дня дарэння кніг. У госці да чытачоў завітала вядомая беларуская пісьменніца Тамара Бунта, аўтар кніг для дзяцей: “Белое облачко”, “Дзяўчынка з Вішнёвага завулка”, “Чароўны кошык”, “Сад з матылькамі”.
Тамара Пятроўна прывезла ў падарунак Пагашчанскай бібліятэцы кнігі і часопісы ад сябе і сваіх калег, членаў Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі: Міхася Пазнякова, Таццяны Дамаронак, Алены Стэльмах, Сяргея Давідовіча, Лізаветы Палеес, Вольгі Любашынай, Валянціны Быстрымовіч.
На сустрэчы пісьменніца прэзентавала сваю апошнюю аповесць-казку “Сад з матылькамі”. Кніга кранальна распавядае пра дзяўчынку Дашу, якая разумее мову птушак, жукоў і матылькоў. А побач з яе домам – цудоўны сад, поўны дзіўных матылькоў. Усе насельнікі саду лічаць, што іх Прынцэса – самая шчаслівая на свеце, бо ездзіць на вазку. Але яны не разумеюць, што вазок гэты – інвалідны.
Юныя чытачы бібліятэкі з цікавасцю слухалі сталічную госцю, з запалам удзельнічалі ў віктарыне і нават праінсцэніравалі эпізод з кнігі “Сустрэча няшчаснага вусеня Чорныя рожкі з Прынцэсай саду”. Вусеня выдатна сыграў Аляксандр Дзярук, ролю Дашы выканала Ксенія Сяргун, а смоўжыкам была Дзіяна Кяпсня.
Пераможцы віктарыны атрымалі ў падарунак кнігі з аўтографам пісьменніцы.
Напрыканцы сустрэчы з юнымі чытачамі Тамара Пятроўна пажадала ўсім вучыць і шанаваць родную мову.
Затым усе з задавальненнем рабілі фетравых матылькоў пад кіраўніцтвам Жанны Валянцінаўны Міхновіч, майстрыхі клуба майстроў народных мастацкіх рамёстваў «Ля возера».
Але на гэтым святочныя падзеі ў Пагашчанскай бібліятэцы не скончыліся.
Наступная сустрэча была запланавана з дарослымі карыстальнікамі бібліятэкі. На яе, дарэчы, завіталі ўдзельніца літаратурнага аб’яднання “Парус надежды”, паэтэса Тэреза Крумплеўская і загадчыца Опсаўскага ДЛЦ Луцыя Ролік.
Тамара Пятроўна расказала аб пачатку сваёй творчай дзейнасці, аб 12-гадовым перыядзе працы ў якасці галоўнага рэдактара рэспубліканскага жаночага часопіса “Алеся”. Па просьбе ўдзельнікаў сустрэчы госця падзялілася абставінамі напісання апавядання “Баюся дараваць…”, якое зацікавіла напярэданні сустрэчы з Т.П.Бунта ўсіх. На працягу двух тыдняў жанчыны-аднавяскоўцы актыўна знаёміліся з яе творамі, змешчанымі ў літаратурных часопісах “Нёман” і “Полымя”. Таму падчас гутаркі чытачы мелі магчымасць выказаць свае сардэчныя водгукі.