Бібліятэкары годна прадставілі літаратуру і сваю дзейнасць

Маштабную кніжна-ілюстраваную выставу прадставіла Цэнтральная бібліятэка 30 красавіка ў Раённым цэнтры культуры падчас урачыстага мерапрыемства па падвядзенню вынікаў сацыяльна-эканамічнага развіцця Браслаўскага раёна за 2018 год. Выстава “Беларусь і Браслаўшчына: багатая гісторыя, годная сучаснасць” складалася з некалькіх раздзелаў, якія адлюстроўвалі значныя падзеі 2019 года: 100-годдзе ўтварэння БССР, 75-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 30-годдзе вываду савецкіх войск з Афганістана, 25-годдзе прыняцця Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Акрамя літаратуры з фондаў бібліятэкі на выставе была прадстаўлена друкаваная прадукцыя, выдадзеная аддзелам бібліятэчнага маркетынгу: краязнаўчыя буклеты, гістарычныя даведкі, інфармацыйныя дайджэсты.

         Раздзел выставы, прысвечаны 75-годдзю вызвалення Беларусі, быў найбольш цікавым для наведвальнікаў, дзякуючы яркім акцэнтам у выглядзе стылізаванага вечнага агню, сапраўдным рэчам ваеннай пары і дэкаратыўным элементам.

         Завяршала выставу пазл-акцыя “Мая Віцебшчына: хроніка вызвалення”. Удзельнікам акцыі прапанавалася скласці з пазлаў раёнаў суцэльную карту Віцебскай вобласці адпаведна часу вызвалення кожнага раёна. Наведвальнікі выставы актыўна складалі рознакаляровую карту вобласці, пачынаючы з пазла першага з вызваленых – Гарадоцкага раёна.  Завяршалі акцыю пазламі Расонскага і Верхнядзвінскага раёнаў, вызваленых апошнімі на Віцебшчыне.

         Напярэдадні ўрачыстага мерапрыемства выставу Цэнтральнай бібліятэкі наведалі старшыня Браслаўскага райвыканкама А.І.Баданін, старшыня Браслаўскага раённага Савета дэпутатаў Н.А.Пучынская, кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый. Высокія госці пазнаёміліся з літаратурай, зацікавіліся выдавецкай дзейнасцю бібліятэкі, прынялі ўдзел у пазл-акцыі.

Добавить комментарий