Для вучняў 11 класа сярэдняй школы № 2 г. Браслава ў Дзіцячай бібліятэцы прайшла гадзіна пазнанняў і адкрыццяў «А імя і справы засталіся. Беларускія асветнікі».
Выпускнікі атрымалі магчымасць папоўніць свае веды пра нашых выдатных землякоў, якія ўнеслі вялікі ўклад у скарбніцу айчыннай культуры і навукі. Гэта і святая апякунка Беларусі, якая на некалькі стагоддзяў абагнала свой час, Еўфрасіння Полацкая. І Кірыла Тураўскі, які ўзбагаціў культуру і мову свайго народа традыцыямі візантыйскай рыторыкі і першы ў беларускай філасофскай думцы поўна сфармуляваў першаступенную значнасць для жыцця чалавека кніжных ведаў. Вядома ж, Францыск Скарына, сапраўдны чалавек-энцыклапедыя, чалавек-легенда, які на 500 гадоў уключыў кнігу ў культурную прастору і паўсядзённае жыццё беларусаў. Мікола Гусоўскі – аўтар «Песні пра зубра» – твора, непераўзыйдзенага у эпічным паказе Беларусі і беларускага народа. Вялікі атэіст, аўтар прававых ідэй прэзумпцыі невінаватасці, царкоўна-рэлігійнай талерантнасці і верхавенства законаў Сымон Будны. Казімір Лышчынскі, спалены на вогнішчы за свае атэістычныя ідэі. Выдатныя палемісты, пісьменнікі і вучоныя-лінгвісты Лаўрэнцій Зізаній і Мялецій Сматрыцкі.Стваральнік знакамітага куцеінскага (аршанскага) буквара Спірыдон Собаль . І вядома ж, выдатны філосаф, царкоўны дзеяч, майстар мастацкага слова, інтэлектуальна вытанчаны паэт Сімяон Полацкі.
Удзельнікі мерапрыемства не толькі атрымалі шмат цікавай і разнастайнай інфармацыі аб беларускіх асветніках, але і мелі магчымасць пазнаёміцца са шматлікімі выданнямі аб іх, што змешчаны на выставе. https://vk.com/braslavcbs