Адзначаны на рэспубліканскім узроўні

Прыемнай навіной жадаюць падзяліцца з наведвальнікамі  сайта адміністрацыя і метадычная служба Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Браслаўскага раёна. У рэспубліканскім конкурсе “Славутыя імёны маёй малой радзімы”, прысвечаным  Году малой радзімы, работа браслаўскіх бібліятэкараў была адзначана спецыяльным дыпломам у намінацыі за лепшую калектыўную працу. Заснавальнікамі конкурсу з’яўляліся Беларускі фонд культуры, выдавецкі дом “Звязда”, рэдакцыя “Краязнаўчай газеты”. Узнагароджанне пераможцаў адбылося 29 кастрычніка ва ўрачыстых абставінах у Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі. На цырымоніі прысутнічалі кіраўнікі арганізацый-заснавальнікаў і партнёраў конкурсу, вядомыя краязнаўцы, пісьменнікі, паэты, прадстаўнікі краязнаўчай супольнасці з усіх рэгіёнаў Беларусі. Усіх прысутных вітаў дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея П.М. Сапоцька. Дыплом з рук старшыні Беларускага фонду культуры Т.І. Стружэцкага атрымала загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Ірына Макарэвіч. Тадэвуш Іванавіч зазначыў значнасць для Браслаўшчыны і Беларусі ўвогуле прадстаўленых браслаўскімі бібліятэкарамі матэрыялаў аб жыцці і дзейнасці ўраджэнкі іказненскай зямлі, піянеркі Клавы Шынкевіч. Работа “Бесстрашная Стрелка” стала вынікам агульных намаганняў Іказненскай бібліятэкі і аддзела бібліятэчнага маркетынгу Цэнтральнай бібліятэкі.

         На форуме панавала атмасфера ўсеагульнага гонару за сваю вялікую і малую радзіму, адчувалася адзінства поглядаў прадстаўнікоў розных арганізацый, якія займаюцца краязнаўствам. Пачуццё згуртаванасці вакол агульнай  справы дадавала тое, што на сустрэчы гучала выключна беларуская мова. Напрыканцы форуму для ўсіх прысутных была арганізавана цікавая экскурсія па экспазіцыі гістарычнага музея.

Добавить комментарий