24 кастрычніка ў Цэнтральнай бібліятэцы адбыўся семінар бібліятэчных работнікаў

24 кастрычніка ў Цэнтральнай бібліятэцы адбыўся семінар бібліятэчных работнікаў “Сучасныя мадэлі прапаганды літаратуры ў публічных бібліятэках: лепшыя традыцыі і інавацыйныя падыходы”, удзел у якім прынялі ўсе бібліятэкары Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы. Адкрыла семінар дырэктар ЦБС Вольга Ляснеўская. У сваім выступленні яна засяродзіла ўвагу прысутных на важнасці і актуальнасці пытанняў, якія будуць абмеркаваны падчас семінара і заклікала ўсіх прыняць актыўны ўдзел у яго рабоце. Пачалася нарада з выступлення загадчыка аддзела камплектавання, апрацоўкі і арганізацыі адзінага фонду Вольгі Лакотка, якая пазнаёміла прысутных з асноўнымі крыніцамі папаўнення бібліятэчных фондаў, яго якасным і колькасным саставам. Затым па пытанню “Школьная бібліятэка як прастора прыцягнення да чытання і павышэння ўзроўню адукаванасці вучняў” выступіла запрошаная на семінар бібліятэкар Відзаўскай сярэдняй школы Вольга Мітушова. Яна падзялілася сваімі сакрэтамі і цікавымі напрацоўкамі, якія садзейнічаюць прыцягненню да актыўнага чытання вучняў, выклікаюць у іх інтарэс не толькі да праграмнай літаратуры, але і да навукова-папулярнай, даведачнай. Загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Ірына Макарэвіч расказала прысутным пра інавацыйныя формы работы на прыкладзе праекта “Свабодная бібліятэка”. Гэты комплекс выклікае вялікую цікавасць у жыхароў і гасцей горада, што дае магчымасць работнікам Цэнтральнай бібліятэкі праводзіць на яго тэрыторыі розныя мерапрыемствы і акцыі. Ірына Макарэвіч прадставіла калегам чарговую інавацыю бібліятэкі – ростамер з кніг: канструкцыю, з дапамогай якой наведвальнікі могуць вымяраць свой рост не толькі ў сантыметрах, але і ў кнігах Л.Талстога “Вайна і мір”.

Бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі Таццяна Бешлі-Аглы расказала аб мерапрыемствах, якія прайшлі ў Цэнтральнай бібліятэцы ў рамках святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. У абмене вопытам па тэме семінара выступілі бібліятэкары Г.Кандратовіч з Відзаўскай гарпасялковай, В.Алёхна з Богінскай і М.Васілеўская са Слабодкаўскай бібліятэк. Намаганнямі ўсіх работнікаў сістэмы быў арганізаваны стол інавацый “Мае творчыя знаходкі”, на якім было прадстаўлена шмат друкаванай прадукцыі: з густам аформленых буклетаў рознай тэматыкі, лістовак, рэкламных аб’яў і закладак. Асаблівую цікавасць выклікалі інавацыйныя формы прыцягнення да чытання і рэкламы бібліятэчных паслуг прадстаўленыя спецыялістамі з Друі, Ахрэмаўцаў, Відзаў, Іказні і Пагошчы. Напрыканцы семінара ўсе прысутныя атрымалі падрыхтаваную аддзелам маркетынгу чарговую прэзентацыйную закладку “Ліст ідэй ад метыдыстаў” з пералікам інавацыйных форм работы па-за сценамі бібліятэкі. У рубрыцы “У рабочую папку бібліятэкара” быў дадзены каментарый да літаратурнага календара на 2018 год. Падчас “Трыбуны дырэктара” вынікі работы семінару падвяла дырэктар ЦБС Вольга Ляснеўская. Яна адзначыла добры ўзровень яго падрыхтоўкі і правядзення, дала яму станоўчую адзнаку і заклікала бібліятэкараў да больш актыўнага ўкаранення ў практыку работы бібліятэк інавацыйных форм работы. Таксама яна засяродзіла ўвагу на іншых важных пытаннях: аб далейшым вывучэнні Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры, аб супрацоўніцтве з іншымі арганізацыямі і ўстановамі, аб міжнароднай праектнай дзейнасці, аб планаванні работы бібліятэк на 2018 год.    

Добавить комментарий