У Відзаўскай бібліятэцы адбылася творчая сустрэча з членам Саюза пісьменнікаў Беларусі – Ігарам Пракаповічам

Бягучы год у Рэспубліцы Беларусь аб’яўлены Годам малой радзімы. Варта зазначыць, што кожны куточак нашай сінявокай Беларусі сваёй непаўторнай прыгажосці спрыяе ўсходам паэтычных парасткаў, якія яе апяваюць.

Не выключэннем стала Пастаўшчына, якой пашанцавала. Бо на гэтай слаўнай зямлі нарадзіўся, жыве і працуе выдатны чалавек, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, старшыня раённай арганізацыі Таварыства беларускай мовы, настаўнік, паэт, празаік, перакладчык і нястомны працаўнік на ніве краязнаўства Ігар Міхайлавіч Пракаповіч.

Адкрыла імпрэзу кіраўнік аматарскага аб’яднання “Кругагляд”, якая нагадала прысутным асноўныя вехі біяграфіі і дасягненні Ігара Міхайлавіча ў настаўніцкай, краязнаўчай і літаратурнай дзейнасці. І, перш чым перадаць слова аўтару, прачытала верш “Родны край” і падзялілася сваімі ўражаннямі і разуменнем творчасці пісьменніка.

Нястомны шукальнік даўніны, аўтар шматлікіх публікацый і выданняў пра родны край расказаў аб сваёй рабоце, краязнаўчай дзейнасці, засяродзіў увагу на кнігах, якія напісаў, падзяліўся з прысутнымі любімымі радкамі са сваіх лірычных і празаічных твораў. У падарунак  бібліятэцы  Ігар Міхайлавіч падпісаў тры выданні краязнаўчага зместу, а ўсе жадаючыя змаглі атрымаць кнігу з аўтографам аўтара.

Выступленне вызвала жывы інтарэс у прысутных, што выявілася ў шматлікіх пытаннях і пажаданнях, якія прагучалі напрыканцы сустрэчы. Усе ўдзельнікі імпрэзы сышліся ў думцы, што кожны чалавек павінен ведаць свае карані, багатую гістарычную і культурную спадчыну зямлі, на якой нарадзіўся, жыве, каб захаваць яе, зберагчы і перадаць сваім нашчадкам.                                         

Добавить комментарий