З табою, кніга добрая, ідзём у новы свет

Весела, цікава і насычанна прайшоў Тыдзень дзіцячай і юнацкай кнігі ў Відзаўскай гарпасялковай бібліятэцы.

На пачатку Тыдня бібліятэкары  прапанавалі сваім чытачам перш-наперш звярнуць увагу на кніжна-ілюстраваную піяр-выставу “Лепшых кніг адкрыты вам старонкі”. На выставе шырока былі прадстаўлены кнігі, па матывах якіх праводзіліся мерапрыемствы на працягу тыдня.

На адкрыцці Тыдня ў Відзаўскай школе мастацтваў па выніках года лепшым чытачам, удзельнікам бібліятэчных мерапрыемстваў былі ўручаны дыпломы, граматы, падзякі ў самых розных намінацыях.

З першага дня распачалася гульня “Трамвай казак, загадак, галаваломак, віктарын”, дзейнічала ігратэка настольных гульняў. Дзеці мелі магчымасць прыйсці ў бібліятэку ў любы дзень і час на працягу ўсяго Тыдня.

Другі дзень быў прысвечаны беларускай кнізе. Ён праходзіў пад назвай “Родных кніг старонкі запаветныя”. Мерапрыемствы праводзіліся з вучнямі 10-11 класаў Відзаўскай СШ. Ва ўступным слове бібліятэкар коратка распавяла прысутным пра гісторыю беларускай кнігі, пра яе значнасць для нас, беларусаў. Відэаролік “Свет беларускай кнігі” пазнаёміў прысутных з некаторымі беларускімі кнігамі самай разнастайнай тэматыкі. Асобнай старонкай узгадалі пра творчасць беларускіх песняроў Я.Купалы і Я.Коласа. Наведвальнікі мерапрыемства мелі магчымасць праглядзець сцэнку з камедыі “Паўлінка”, інсцэніроўку байкі “Павук і муха”, у выкананні вучняў 8 класа. Закончылася мерапрыемства бліц-апытаннем і музычнай віктарынай на словы беларускіх аўтараў.

Мультымедыйная пазнавальная гадзіна “Падарожжа ў свет кнігі” пазнаёміла прысутных з гісторыяй кнігі, праз дэманстрацыю буктрэйлераў, дзеці даведаліся пра пісьменнікаў юбіляраў года і іх творы.

Запамінальна прайшла акцыя “Браслаўскія аграгарадкі чытаюць паэтычныя радкі”, якую правялі члены аматарскага аб’яднання “Кругагляд” для настаўнікаў і вучняў старэйшых класаў Відзаўская СШ. Сустрэча прайшла ў форме літаратурнага вянка любімых вершаў “Звонкія капяжы вершаў”. Аматары паэзіі чыталі вершы рускіх, беларускіх, замежных аўтараў, дзяліліся малавядомай цікавай інфармацыяй з біяграфіі пісьменнікаў любімых радкоў, праглядзелі відэаролікі з мастацкім выкананнем вершаў. Таленавітая, напісаная ад сэрца паэзія змагла ў гэты дзень аб’яднаць людзей рознага ўзросту і светапоглядаў, якія змаглі адчуць прыгажосць слова.

Рэкордную колькасць наведальнікаў сабраў у бібліятэцы кот Мурзік, які жыве тут не першы год. З малюнкамі, у адпаведных касцюмах дзеці сабраліся на Дзень вучонага ката “Мурзік –шоу”. Паўтары гадзіны свята праляцелі як адно імгненне! Гучалі песні пра ката, усе разам танцавалі з відэакатамі, прагледзелі буктрэйлер “Вусатыя зоркі”. Але так як гэта бібліятэчны кот, то ён і кнігі прапаноўваў чытаць і выказваўся пра карысць чытання. Вядучыя “шоу”, вучаніцы 8 класа Міткевіч Злата і Дундзер Глорыя, разам з “Вучоным катом” (Шчэціна Сабіна) задавалі прысутным шматлікія пытанні па тэме, праводзілі гульні і атракцыёны. Пераможцы “ГлаМУРкінага вернісажа” і лепшыя касцюмы былі адзначаны прызамі.

Такім чынам, падчас вясновых канікулаў, дзеці мелі магчымасць правесці свой вольны час з карысцю, цікава і запамінальна.

Увогуле, хацелася б падкрэсліць высокую  дзіцячую наведвальнасць бібліятэчных мерапрыемстваў на працягу ўсяго Тыдня дзіцячай кнігі.

Добавить комментарий