На Браслаўшчыну завітаў член Саюза пісьменнікаў Беларусі Валерый Квілорыя

Не сакрэт, што сучасныя дзеці шмат часу праводзяць за камп’ютарам, а не за чытаннем кніг. Між тым менавіта літаратура ўзбагачае і развівае іх унутраны свет.

Як вядома, любая кніга пачынаецца з пісьменніка. Яго фантазія прымушае нас сумаваць, радавацца, разважаць і думаць. Вельмі добра, калі ёсць магчымасць сустрэцца з аўтарам, пазнаёміцца з чалавекам, які можа ажыццявіць свае думкі і мары. Асабліва карысныя творчыя сустрэчы для дзяцей.

На мінулым тыдні на Браслаўшчыну завітаў член Саюза пісьменнікаў Беларусі Валерый Квілорыя. У дзіцячай бібліятэцы ён сустрэўся з пяцікласнікамі Браслаўскай СШ №1.

Пісьменнік адразу ж выклікаў да сябе зацікаўленасць хлопчыкаў і дзяўчынак, бо яго выступленне было захапляльным і гумарыстычным. Ён з энтузіязмам расказваў, які на смак снежны боршч, як шафа змагаецца са злодзеямі, пра незвычайныя прыгоды неразлучных сяброў Шуркі і Леркі, а таксама іншых герояў цікавых апавяданняў.  Юныя чытачы ад душы смяяліся, бо ў аўтара няма сумных гісторый, але разам з тым усе яны выхаваўчага характару.

Адказваючы на пытанні школьнікаў, В. Квілорыя расказаў пра сябе і падзяліўся сакрэтамі творчасці. Дзіцячы смех і бурнае абмеркаванне кніг – самае надзейнае пацвярджэнне таго, што сустрэча атрымалася.

Добавить комментарий