Літаратурны вянок любімых вершаў “Звонкія капяжы вершаў”

25 сакавіка ў Відзаўскай гарпасялковай бібліятэцы адбылося чарговае пасяджэнне народнага аматарскага аб’яднання “Кругагляд”. Мерапрыемства прайшло ў форме літаратурнага вянка “Звонкія капяжы вершаў”. Гаспадыняй сустрэчы была паэзія, а галоўнымі гасцямі – любімыя вершы аматараў паэзіі аб’яднання “Кругагляд”.

Члены аб’яднання ўзгадалі Сусветны дзень паэзіі, які прайшоў 21 сакавіка, даведаліся пра час заснавання і добрую традыцыю адзначаць гэтае цудоўнае свята.

Кіраўнік аб’яднання пачала сваё выступленне  з верша пра паэзію, каб падвесці да тэмы літаратурнага вянка. Беларускія, рускія, замежныя пісьменнікі саграваюць нашыя сэрцы і дораць захапленне не залежна ад месца нашага пражывання, ва ўсе часы ў грамадстве паэзія карысталася вялікай павагай і займала асаблівае месца.

Аматары паэзіі выразна прачыталі любімыя вершы рускіх, беларускіх, польскіх пісьменнікаў, выказалі пачуцці і думкі да твораў, падзяліліся цікавай інфармацыяй пра аўтараў паэтычных радкоў.

Нельга было абысці тэму малой Радзімы і не ўзгадаць пісьменнікаў Браслаўшчыны. З вуснаў аматараў паэзіі гучалі вершы В.Ляснеўскай, Т.Крумплеўскай, В.Алёхна, Д.Ваўчка, М.Роліка.

Суправаджалася мерапрыемства мультымедыйнай прэзентацыяй. Члены аб’яднання змаглі прагледзець відэаролікі з мастацкім чытаннем вершаў П.Верлена “Мастацтва паэзіі”, В.Шніпа “Паэзія”; выкананнем песен на вершы А.Ставера “Жураўлі на Палессе ляцяць”, М.Багдановіча “Зорка Венера”, Я.Купалы “Я не паэта”.

Напрыканцы мерапрыемства члены аб’яднання адчулі, што таленавітая, напісаная ад сэрца паэзія, можа аб’яднаць людзей. Кожны ведае, што пісаць вершы дадзена не кожнаму, але навучыцца разумець іх, адчуваць прыгажосць самаго жыцця можна. Гэтаму і вучыць нас паэзія. Спадзяёмся, што з кожным годам прыхільнікаў паэзіі будзе ўсё больш і больш.                          

Добавить комментарий