Кнігі ў падарунак

Выдавецкі дом “Звязда” і Цэнтр пераклада пры Кабінеце Міністраў Азербайджанскай Рэспублікі  у мэтах папулярызацыі азербайджанскай літаратуры, перадалі ў дар Дзяржаўнай установе культуры “Цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма Браслаўскага раёна” 3 экз. кнігі “ Анталогія сучаснай азербайджанскай літаратуры. Паэзія” і 2 экз. кнігі Л. Аліевай “Ліст”.

Кніга “Анталогія сучаснай азербайджанскай літаратуры. Паэзія”  змяшчае пераклады твораў на беларускую мову 40 азербайджанскіх літаратараў розных пакаленняў: Алі Керыма, Тофіка Байрама, Фікрэта Гаджа, Лэйлы Аліевай , Самеда Вургуна, Мікалая Мушвіга, Расула Рзы, Набі Хазры, Лэйлы Аліевай і іншых, якія ў дваццатым стагоддзі стваралі мастацкі летапіс багатай на гісторыю і асветніцтва старонкі, а хтосьці з іх і сёння актыўна працуе ў нацыянальнай літаратуры Азербайджана.

Гартаючы старонкі анталогіі, зважаючы на тэматычныя абсягі ў творчасці паэтаў розных пакаленняў, заўважаеш відавочнае – нягледзячы на рознасць паэтычных стыляў, мастакі слова аднолькава грунтоўна ставяцца да нацыянальнага духу, патрыятызму, агульначалавечых каштоўнасцяў, гуманізма, кахання, прыгажосці прыроды.

“Анталогія сучаснай азербайджанскай літаратуры. Паэзія” – не першы сумесны праект беларускіх выдаўцоў і Перакладчыцкага Цэнтра пры Кабінеце Міністраў Азербайджанскай Рэспублікі. Некаторы час назад у перакладзе на беларускую мову выйшла кніга паэзіі Лэйлы Аліевай “Ліст”.

Лэйла Аліева – грамадскі дзеяч, галоўны рэдактар часопіса “Баку”, віцэ-прэзідэнт Фонда Гейдара Аліева і старшыня прадстаўніцтва Фонда ў Расіі, старшыня Азербайджанскай моладзевай арганізацыі Расіі. Творчасць – таксама значная складовая яе жыцця: Лэйла не толькі піша вершы, але і займаецца мастацкай дзейнасцю, рэжысурай фільмаў. Вось як ацаніла яе паэзію  Афаг Масуд, пісьменніца, заслужаны дзеяч мастацтваў Азербайджана: “Гэтыя трапяткія, як крылы матылькоў, вершы маюць сілу супрацьстаяць самым разбуральным ударам жыцця, якія пагражаюць разбіць Тонкі Дух Адчуванняў, і перамагчы…”

Перакладчыкам вершаў Л. Аліевай выступіла таленавітая беларуская паэтэса Таццяна Сівец. Дзякуючы яе творчаму пераасэнсаванню і мастацкаму аздабленню глыбока асабістых радкоў, кранальнае слова Лэйлы Аліевай загучала і на беларускай мове.

Выданні займуць дастойнае месца ў фондах бібліятэк раёна.

Добавить комментарий